18 студзеня ў чытальнай зале сабраліся аматары мастацкага слова ў літаратурнай гасцёўні " “Беларускай душы матыў”, якая была прысвечана сустрэчы з земляком, беларускім пісьменнікам, празаікам, публіцыстам, лаўрэатам літаратурнай прэміі імя У.Караткевіча, а таксама літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” – Францам Іванавічам Сіўко.
У пачатку мерапрыемства прагучаў аўдыёзапіс пра жыццё і творчасць Франца Іванавіча Сіўко і рэцэнзіі на яго творы, пасля чаго пісьменнік пачаў размову пра сваю аповесць “Удог”, спыніўшыся больш падрабязна на гісторыі яе напісання і змесце. Увазе чытачоў была прадстаўлена выстава “У голасе з родным адценнем” з кнігамі Ф.І.Сіўко. У сваёй творчасці пісьменнік закранае маральна-этычныя і сацыяльныя праблемы, перавагу аддае жанрам прыпавесці і кароткім запісам-эсэ.
На сустрэчы чытачы задавалі Ф.І.Сіўко розныя пытанні пра яго жыццё і творчыя планы, а на тэлевізійным экране дэманстраваліся фотаздымкі яго родных мясцін, бацькоў, сястры, сяброў, а таксама здымкі са свята Сярэднявечча на Шведскім востраве Готланд, куды ездзіў пісьменнік. Сустрэча была цікавай, пазнавальнай і прайшла ў цёплай атмасферы.
Святлана Матэленак бібліятэкар ЦБ
Кнігу Франца Сіўко “Штрыхкоды” чытайце на нашым сайце!






